Ізабелін

Мы выбралі Ізабелін (калісьці вёска Петухова), як месца для правядзення мерапрыемства Shtetlfolkfest, нашага маленькага местачковага свята з кірмашом і традыцыйнымі забаўкамі, з некалькіх прычынаў. Бо тут побач і ў самім гарадку месцяцца аб’екты будучага турыстычнага кластара, што належаць нашым беларускім партнёрам “Маёнтак Падароск”. Яшчэ, таму што сюды блізка даехаць нашым польскім партнёрам з Беластока. І, нарэшце, гісторыя гэтага мястэчка мае ўсё, каб распачаць тут актыўную культурніцкую дзейнасць і прыцягнуць сюды турыстаў, мастакоў, крафтмэнаў і іншых зацікаўленых людзей.

Аднак, Ізабелін (перайменаваны з Петухова ў гонар дачкі тагачаснага ўласніка) сёння не мае распрацаванай турыстычнай інфраструктуры. Аніводнага гатэля ці хаця б хостэла, кавярні, прыстойнага інфацэнтра, дзе можна даведацца пра ўсё, што цікавіць і знайсці добрага гіда па мясцовасці. Таму мы прапануем скарыстацца нашым раздзелам Турыстам і спыніцца ў Падароску – там таксама ёсць што паглядзець (глядзіце матэрыялы гэтага раздзела), альбо пашукаць начлег у Ваўкавыску. Але нам вельмі спадабалася падароская сядзіба “Зялёны дуб”, там можна замовіць смачную дамашнюю ежу.

З цікавых аб’ектаў зараз у Ізабеліне ёсць…

Хрысціянскія, яўрэйскія і нямецкія могілкі. Двое апошніх трошкі не ў лепшым стане, бо некалькі год ніхто не займаецца добраўпарадкаваннем.

Касцёл Пятра і Паўла, побач якога мы нагледзілі цудоўную кірмашовую пляцоўку пад фестываль. Яна, праўда, упрыгожваецца савецкай, даўно зачыненай крамай, але месцейка перад самай брамай касцёла – утульнае. Тым больш, краязнаўцы распавядаюць гісторыю, як тут прызначылі дату і ладзілі першы кірмаш. Акурат на Пятра і Паўла. А адзін жыд так добра тыргываў на ім і меў адчувальны гешэфт, што пасля прыйшоў прасіць ксёндза ладзіць кірмаш на Пятра і Паўла, хаця б пару разоў на год.

Старыя дамкі з чарапіцай, што выраблялі нямецкія перасяленцы Рунге.

Сінагога, што падчас 90х была пераробленая пад піўбар “Нептун”. Які працаваў нядоўгі час. Але ў момант апрацоўкі сабраных намі матэрыялаў мы зрабілі памылку ў напісанні слова і атрымалі “сінягогу”. Ні з адной сінагогай такога казуса ў нас больш не здаралася, таму мы вырашылі, што гэта памылка лёсу, а не нашая. (Насамрэч, не ясна, як гэта перакласці на англійскую і польскую…)

Зараз будынак былой сінагогі з’яўляецца ўласнай маёмасцю нашых партнёраў. Менавіта тут па нашых планах і адкрыецца (спадзяемся, што ў хуткім часе) мясцовы турыстычны інфацэнтр, альбо цэнтр даследвання і развіцця мястэчак.

Апошнія навіны і архівы Ізабеліна – у гэтым пабліку

Больш пра Падароск – тут

Відэа плэйліст аб гісторыі Падароска.

Фотанататкі