Чарапіца Рунге
Немцы, што жылі ў Ізабеліне займаліся вырабам чарапіцы. Калісці шмат дахаў былі крытыя менавіта ёю. Сёння таксама яшчэ можна сустрэць гэтую “рунгаўскую” чарапіцу. Атмасферны гэты Ізабелін, калі зазірнуць у дзікаватае кустоцце і прайсціся зарослымі вінаградам і парэчкамі “задамі-гародамі”. Памацаць старую цагляную паверхню, што адчула на сабе за апошняе стагоддзе, а мо і больш, усіх гэтых халодных дажджоў, снягоў, пякучага сонца… І чула, і бачыла шмат чаго. Мы нават адну чарапіччыну з ізабелінскіх дахаў атрымалі нечакана ў падарунак ад мясцовага жыхара, што яшчэ і распавёў нам пра падземны ход ля сінагогі. А нашчадак тых немцаў, цяпер краязнаўца, расказвае пра свае дзіцячыя ўспаміны – глядзіце відэанататкі.
Што тычыцца самога заводзіка, то на хутары Рунгі, што побач Ізабеліна, ужо нічога ад яго не засталося.
Верасень, 2022
Лакацыя – Ізабелін.