Ідэя праекта
Афіцыйна.
Праект Штэтлфэст быў падтрыманы ў 2019 годзе ў межах Праграмы Трансгранічнага Супрацоўніцтва “Польшча-Беларусь-Украіна 2014-2020” і рэалізаваны ў 2020-2022 годзе каардынацыйнай камандай бенефіцыяраў, якая склалася з удзельнікаў з Беларусі і Польшчы.
Тэматычны накірунак праекта, згодна мэтаў Праграмы гэта прасоўванне лакальнай культуры і захаванне гістарычнай спадчыны (HERITAGE), дзе прыарытэт – культура і гісторыя.
Поўная афіцыйная назва праекта: Дасьледаванне і адраджэнне гарадскога фальклору як асноўнага элемента сьвятаў былых яўрэйскіх мястэчак, і таксама ў якасьці акроніма выкарыстоўваецца назва SHTETLFEST.
Агульны бюджэт праекта, згодна падтрыманай праектнай прапановы: 46 027,17 €
Вёскам – дажынкі і купальлі, мястэчкам – кірмашы і сьвяты рамесьнікаў.
Першапачатковая ідэя праекта, распрацаваная ў 2018 годзе беларускай творчай групай была ў адраджэньні традыцыйнага местачковага кірмаша ў выглядзе лакальнага фестываля, прыстасаванага да мясцовых рэалій пэўнага населенага пункта, гістарычнай даты правядзення, рэгіянальнага характару і культурных асаблівасьцяў.
Творчая група ўпэўненая, такі вось местачковы і падобны на аўтэнтычны штэтл-фестываль здольны з часам замяніць аднолькавыя, зробленыя быццам пад капірку, “чэбурэчна-патрыятычныя” сьвяты горада і штучна створаныя “раённыя дажынкі” у Беларусі, а тасксама паспрыяць большай цікавасьці да яўрэйскай спадчыны ў невялічкіх гарадках Польшчы, прыцягнуць увагу турыстаў і прадпрымальнікаў, пазітыўна паўплываць на развіцьцё інфраструктуры рэгіёнаў. Для Беларусі, дзе мястэчка, як спосаб арганізацыі жыцьця, амаль сыйшло ў небыцьцё разам з гістарычнай памяцьцю, пераўтварыўшыся ў аграгарадок ці вёску, штэтл-фестываль, як канцэпцыя асэнсаваньня і адраджэньня гарадскіх традыцый падаецца вельмі актуальным. Бо гэта магчымасьць захаваць местачковае сьвята, як сымбалічную каштоўнасьць, што аб’ядноўвае разнастайную гарацкую супольнасьць.
І, канешне, каб вярнуць сьвята, якое ў традыцыі ўжо не існуе, альбо мае нейкія іншыя формы і зьмененую пад патрэбы ідэалогіі сутнасьць, трэба паглыбіцца ў крыніцы і выправіцца ў мястэчкі. Дакрануцца фактуры, знайсьці рэшткі традыцыі, запісаць успаміны жыхароў, зразумець, як можна (і ці трэба?) ў сучасных умовах працаваць з амаль зьніклым аб’ектам культуры.
Што вырашылі зрабіць.
Такім чынам, задума праекта рэалізавалася ў стварэнні міжнароднага нелінейнага (можна самастойна скласьці сабе вандроўку) маршрута па шасці асноўных і некалькіх дадатковых лакацыях, што знаходзяцца ў Беларусі і Польшчы і з’яўляюцца былымі яўрэйскімі мястэчкамі. Гэта месцы з розным узроўнем інфраструктуры, з розным каларытам, з уласным непаўторным культурным бэкграўндам. Адно іх аб’ядноўвае – да сярэдзіны 20-га стагодьдзя ўсе яны былі буйнымі мястэчкамі.
Менавіта па гэтых мястэчках летам 2021 года была арганізаваная сумесная беларуска-польская экспедыцыя, мэта якой не толькі збор этнаграфічных матэрыялаў, а больш мастацкі і рэфлексіўны падыход да тэмы. Мэты экспедыцыіі – верыфікацыя і аналіз сучаснага стану гістарычнай памяці, запіс мясцовага фальклору і фіксацыя фізічных (матэрыяльных) аб’ектаў памяці, аналіз сітуацыі праз уласны погляд і досьвід. У працоўную групу экспедыцыі ўвайшлі этнографы-аматары і прафесійныя дасьледчыкі яўрэйскай спадчыны, постфальклорныя музыкі, танцмайстры, фатографы, журналісты, артысты. Такі склад быў задуманы, каб па выніку мець калектыўна створаны вобраз былога мястэчка, але (не)упісаны ў сёньняшнюю рэальнасць і зразумець, як можна працаваць з гэтым.
Праз уплыў зьнешніх абставін і ўмовы часу атрымалася не ўсё, як было задумана. Паўнавартаснай сумеснай экспедыцыйнай працы зашкодзілі ізаляцыйныя ўмовы Сovid-19 і палітычны крызіс у Беларусі 2020 года. Удзельнікі і ўдзельніцы з Беларусі і Польшчы былі вымушаныя працаваць у экспедыцыі паасобку, але зрабілі гэта адначасова і сінхранізаваліся праз анлайн. Амаль кожны дзень цягам выправы працоўная група праводзіла трансгранічные сустрэчы, абмяркоўваючы розныя тэмы і пытаньні даследваньня і захаваньня спадчыны былых мястэчак. Ладзілі мерапрыемствы і між сабой, і з удзелам запрошаных экспертаў, а таксама з удзелам мясцовай аўдыторыі і краязнаўцаў.
Па выніку сабраны матэрыял быў апрацаваны і структурызаваны ў медыя даведнік, дзе можна знайсьці сабраныя працоўнай групай аўдыё-візуальныя матэрыялы і нататкі. Ёсць падрабязныя дзёньнікі экспедыцыі з цікавымі штодзённымі знаходкамі і назіраньнямі ўдзельнікаў і ўдзельніц.
Для тых, хто гатовы вандраваць самастойна, падрыхтаваная падрабязная інфраструктурная інфармацыя па ўсіх мястэчках і гарадах, куды экспедыцыя Штэтлфэст здолела патрапіць.
Таксама ў медыя даведніку прадстаўлены аналітычны матэрыял, распрацаваны камандай з удзелам эксперткі па метадалогіі даследваньняў. Гэты артыкул расказвае пра метад аўтаэнтаграфіі і можа быць добрым дапаможнікам у працы з любым этнаграфічным і атрапалагічным матэрыялам, дзе носьбітаў амаль не засталося, а ўспаміны людзей эмацыйна цяжкія і для інфарманта_к, і для збіральні_ц.
Што не атрымалася.
З усіх запланаваных актыўнясьцяў праекта не была рэалізаваная асноўная – местачковы кірмаш Штэтлфолкфэст, які планаваўся ў былым мястэчку Ізабелін напрыканцы лета 2021 года з дапамогай і удзелам лакальнага сябра і партнёра праекта, прыватнага прадпрыемства “Маёнтак Падароск”. Была выбраная пляцоўка фестываля і распрацаваная ідэя з улікам мясцовых культурных і гістарычных асалбівасьцяў. Чакалася прыкладна на 500 наведвальнікаў. Але каардынацыйная каманда праекта была вымушаная адмовіцца ад правядзеньня масавага трансгранічнага мерапрыемства на тэрыторыі Беларусі праз узмоцненыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне і небяспечнасьць для удзельнікаў і арганізатараў.
Піяр-кампанія праекта не мела буйнога посьпеху, бо ліквідацыя і прызнаньне экстрэмісцкімі незалежныя медыя і многія партнёрскія паблікі праекта ў сацсетках цягам 2021-2022 года зрабілі немагчымымі шырокі распаўсюд інфармацыі аб праекце.
Што далей.
У дадзены момант медыя даведнік па міжнародным маршруце працуе, як адкрытая інфармацыйная пляцоўка і як архіў аўдыё-візуальных і тэкставых матэрыялаў, датычных даследваньняў былых беларускіх і польскіх мястэчак, упісаных у маршрут Барысаў-Зембін-Сьмілавічы-Навагрудак-Любча-Ізабелін-Орля-Крынкі-Тыкоцін-Беласток.
Архіў будзе папаўняцца іншымі матэрыяламі з іншых лакацый экспедыцыі Штэтлфэст, якая працягваецца, нягледзячы на завяршэньне праекта ў межах падтрымкі Праграмай Трансгранічнага Супрацоўніцтва “Польшча-Беларусь-Украіна 2014-2020” і разрыў стасункаў з беларускімі бенефіцыярамі.
Тэкст падтрыхтаваны паводле праектнай прапановы і фінальнай справаздачы.
P.S. Беларуская частка каманды Штэтлфэст удзячная менэджэрам Праграмы PBU 2014-2020 Сяргею Кузнецову, Марыне Ківель і Дмытру Сташкевічу за дапамогу ў працы над праектам!