Дзённiк экспедыцыi. 16 ліпеня 2021
На дзень шосты экспедыцыі мы запланавалі ізноў шмат задач. Працоўная група паехала па ваколіцах Ізабеліна і Падароска запісваць інфармантаў, а “кіраўніцтва” сустрэлася з партнёрамі праекта, з якімі мы збіраліся ладзіць фестываль і без каго нам было б складана разбірацца з пытаннямі матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны. (Нашыя партнёры – гэта прыватнае прадпрыемства «Маёнтак Падароск» і грамадская арганізацыя «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры», больш інфармацыі шукайце у раздзеле Архіў экспедыцыі і Турыстам.)
Першая сур’ёзная падзея дня – сумесны стрым з польскімі калегамі. Мы распавялі пра месца для будучага фестывалю ля ізабелінскага касцёла. А польскі бок расказаў і паказаў сінагогу ў Орлі, дзе мусіла адбыцца апошняе мерапрыемства экспедыцыі.
Пан Mark Chmielewski распавядаў пра сінагогу ў Орлі. Ён ужо шмат гадоў развівае польска-ізраільскія стасункі, а таксама займаецца захаваннем яўрэйскай спадчыны. Больш фотаздымкаў з інтэр’ерамі сінагогі, якія добра захаваліся, шукайце тут.
Пакуль мы праводзілі стрым і глядзелі на польскую сінагогу праз дысплэй смартфона, асноўная частка групы здолела патрапіць у ізабелінскую сінагогу. Гэта было даволі складана, бо будынак зачынены. Мы пабачылі фоткі ў працоўным чаціку і вырашылі паўтарыць подзвіг. Тут трэба дадаць, што ізабелінская сінагога зараз належыць прадпрыемству “Маёнтак Падароск”. І ў нас нават быў з сабой пан Дырэктар прадпрыемства! Але ў дырэктара не было ключа ад сінагогі. У прынцыпе, гэта даўно ўжо і не сінагога… Але пра гэта і пра наша амаль легальнае наведванне сінагогі – у відэа нататках і іншых матэрыялах Архіва экспедыцыі.
Можна сказаць, што ў шосты дзень абодве групы – польская і беларуская – сінхранізаваліся. Раніцай у нас былі сінагогі, а ўвечары – агульны краязнаўчы анлайн, пра яго ніжэй. І днём – сустрэчы з інфармантамі. Мы падчас працы ў полі пагаварылі з ксяндзом Генадзем.
Тым часам у польскай Орлі нашы сябры наведалі пані Tamara Murawska. І таксама ў гэты дзень пазнаёміліся са старымі яўрэйскімі могілкамі.
Па абедзе з усімі намі здарыўся доўгі і цікавы анлайн з краязнаўцамі і гісторыкамі. Да ўдзелу ў дыскусіі мы запрасілі пані бібліятэкарку з Ізабеліна, вядомага ваўкавыскага краязнаўцу Мікалая Быхаўцава, ахоўніка помнікаў Антона Астаповіча, анлайн далучыўся адзін са стваральнікаў ідышска-беларускага слоўніка Алесь Астравух. І яшчэ адзін госць да нас прыехаў з Гародні. Уладзімір Рунге – самы сапраўдны нашчадак тых самых немцаў Рунге, чыя чарапіца накрывае дахі ў суседніх вёсках яшчэ дагэтуль. Хаця ад самой вытворчасці сёння засталася толькі назва невялічкай вёсачкі, дзе быў чарапiчны завод. Цікавыя дзіцячыя ўспаміны Ўладзіміра Рунге, больш фатаздымкаў пра сучасны Ізабелін і іншыя цікавосткі шукайце ў нататках з Ізабеліна.
Адно з ізабелінскіх назіранняў нашай групы У Ізабеліне есць релігійныя пабудовы-перавёртышы. Цікава, што царква знаходзіцца ў былым уніяцкім касцёле, касцёл знаходзіцца ў былым кальвінісцкім саборы, а касцёл згарэў у 70-я гады і засталася толькі плябанія – домік ксяндза.
А бар Нептун калісьці быў сінагогай. Магчыма, гэты вірус перадаецца ваколіцам. Бо падароская веранда ў Зялёным дубе два вечары запар пераўтваралася з навуковай пляцоўкі ў танцавальную.
Вечарам шостага дня да нас далучыўся стваральнік сайта GRAJ.BY Андрэй Бароўскі (Гародня). Акрамя таго, што з ім можна было пагаварыць, як з заўзятым збіральнікам музычнага фальклору і звестак пра беларускіх народных музыкаў, Андрэй яшчэ і запальна грае на гармоніку. Улічваючы, што мы апынуліся на беларуска-польскім памежжы, было цалкам натуральна граць, спяваць і танчыць польска-яўрэйскі міжваенны рэпертуар.
Менавіта гэтыя музычныя творы былі перанятыя вясковымі музыкамі з модных кружэлак. Наш рэтра-вечар скончыўся недзе апоўначы.