Дзённiк экспедыцыi. 18 ліпеня 2021
Такі прыйшоў той дзень, калі трэба было развітацца. Мы дарабілі апошнія справы, сабраліся ў дарогу і падключыліся на апошні экспедыцыйны зум.
Уся нашая працоўная група па абодва бакі манітора была адчувальна стомленая, і ўсё ж нам не хацелася, каб скончваліся гэтыя дні і гэтае падарожжа. Але трэба было зрабіць фідбэк і дамовіцца, як мы будзем надалей працаваць з сабранымі матэрыяламі, думкамі і пачуццямі.
Зразумела, не ўсё атрымалася, як мы планавалі. І мы здагадваліся, што наша галоўнае мерапрыемства Штэтлфолкфэст пад вялікім пытаннем. У той момант мы не ведалі дакладна, ці сустрэнемся мы хаця б калі-небудзь рэальна. Але нават зараз, праглядаючы нашыя сумесныя фота і відэа, зробленыя ў розных умовах, у розных мястэчках, з розным людзьмі і ў розным настроі, але адначасова і на адной хвалі, можна злавіць гэты вайб і ўсвядоміць, што мы ўсё ж здолелі апынуцца ў тыя спякотныя ліпеньскія дні 2021га недзе ў адным вымярэнні. У той рэчаіснасці, што насамрэч дагэтуль існуе. І да якой мы наблізіліся праз наш імпэт дакрануцца мінулага і “убачыць навобмацак” наш маленькі стары штэтл.
Дзякуй усім, хто спрычыніўся да Штэтлфэст-экспедыцыі, удзельнічаў, дапамагаў арганізаваць, падтрымліваў, сачыў за нашымі стрымамі і анлайн-сустрэчамі, лайкаў фотаздымкі, пісаў каменты і застаецца з намі на сувязі, нягледзячы ні на што.
*Праект падтрыманы Еўразвязам і рэалізаваны ў межах Праграмы Трансгранічнага супрацоўніцтва Польша-Беларусь-Україна 2014–2020 з 1 верасня 2020 па 31 жніўня 2022.