Дзённiк экспедыцыi: 17 ліпеня 2021
Сёмы дзень экспедыцыі стаў музычнай кульмінацыяй усяго нашага падарожжа. Падрыхтоўка да вячэрняга анлайн-мерапрыемства пачалася зранку і ў нашым падароскім Зялёным дубе і ў сінагозе ў Орлі.
Беларуская каманда ізноў раздзялілася. Хтосьці адправіўся з Андрэям Бароўскім на пошукі музычнай спадчыны гэтых мясцінаў, хтосьці апрацоўваў сабраныя матэрыялы. І некалькі чалавек накіраваліся ў падароскі маёнтак і па ваколіцах, каб пазнаёміцца з аб’ектамі будучага турыстычнага кластара, які ствараюць нашыя партнёры. Відэаверсію стрыма з Юрасём Меляшкевічам са шпацыра па сядзібе Бохвіцаў шукайце ў раздзеле Падзеі і сустрэчы. І, увогуле, раздзелы медыя даведніка будуць папаўняцца новымі матэрыяламі з лакацый нашага маршрута.
Дзень рухаўся да завяршэння, і мы, нарэшце, заканэкціліся з нашымі польскімі сябрамі ў апошнім трансгранічным мерапрыемстве. Мы назвалі гэту сустрэчу “Штэтлфэст-potancowka. Па слядах старых мелодый памежжа”. Са свайго боку мы запрасілі эксперта і музыку-клезмера Аляксея Розава і капэлю Zhydovachka, з польскага боку была арганізаваная лекцыя Ewa Grochowska і танцавальная частка з удзелам капэлі Batareja.
У сваёй міні-лекцыі Аляксей Розаў расказаў і паказаў прыклады, як музыка мусіць працаваць з матэрыялам, каб яўрэйская танцавальная мелодыя атрымалася сапраўды яўрэйскай.
Ewa Grochowska пабудавала свой аповед на звестках аб вытоках музыкі штэтлаў. Мы даведаліся, як гучалі горад і вёска, на якіх інструментах гралі музыкі.
Калі пачалася танцавальная частка, на нейкі момант падалося, што ўся наша працоўная група сабралася разам. Але гэта была ілюзія. І ўсё ж, нягледзячы на ўсе цяжкасці і абставіны мы здолелі сінхранізаваць на гэтыя восем дзён плённую, захапляльную і вельмі няпростую экспедыцыйную працу па абодва бакі мяжы. Таму танчылі і гралі ад усяго сэрца.
Ніжэй можна пагартаць атмасферныя фоткі з сінагогі ў Орлі, а фота-справаздача з нашай танц-веранды ў Падароску – у ізабелінскай калекцыі матэрыялаў.
Відэафрагменты з мерапрыемства ў Орлі можна паглядзець тут