Ната Голава, 28 чэрвеня 2021, падрыхтоўка да экспедыцыі

“Разглядаю ў пустой залі бібліятэкі кніжку нашчадка афрыканскіх эмігрантаў з Зембіна, Geoff Sifrin. Кніжка па-англійску. Перакладаў ніхто не рабіў. Запытваюся ў бібліятэкаркі – а вы самі чыталі? Яна – она же по-английски! Пытаюся – а ці была ў Зембіне сінагога? Конечно, тут же евреев у нас было много! А дзе сінагога стаяла? А вот тут рядом с нашим зданием, напротив остановки, где автобус останавливается. Только от неё ничего не осталось. На её фундаменте сейчас стоит строительный магазин. 

 

Ну, думаю, пайду схажу да таго месца, мо штосьци адчую там. Усё ж синагога… Насамрэч, анічога. “Камок”, як камок. “Камок” – чамусці ў дзевяностыя ў Барысаве так невялічкія гандлёвыя павільёнчыкі называлі. Тыпу “времянка с товаром”. Побач “камка былой зембінскай сінагогі” адчула нешта падобнае больш не да камка ў грудзях, а да душэўнай дзіркі. 

 

Тое ж, калі некалькі год таму пабачыла ўпершыню ў Зембінскім музеі сціплую палічку Ізі Харыка. Палінялы партрэт, біяграфічая даведка і дагары нагамі кніжка на ідышы. А хто прыйдзе да таго Харыка, каб ягоную кніжку на ногі паставіць? 

 

Запытваюся зараз у музейшчыцы – як часта да вас па яўрэйскую гісторыю людзі прыходзяць? Не часто. Раньше пару раз в год евреи из заграницы приезжали на своё кладбище, там есть, оно, конечно, всё заросло… а сейчас ковид, и в этом году никого не было. 

 

…Адчуванне, быццам гэтая яўрэйская частка гісторыі былога буйнога мястэчка Зембін зараз уся стаіць недзе ў куточку дагары нагамі і па прынцыпу – ну, во, ёсць жа палічка, чо яшчэ трэба. Прычым, нічога злога ці наўмыснага. Проста ў такім месцы зараз яна знаходзіцца.”