Этнаграфічнае мастацтва Мендэля Горшмана, ураджэнца горада Барысава.
Пры падрыхтоўцы да Shtetlfest-экспедыцыі адна з удзельніц праекта выпадкова знайшла ў сеціве малюнак Мендэля Горшмана ‘Вясельны танец’ (1926) /1/ і звярнула на яго ўвагу. Па каментарах даследчыка ідышскай танцавальна-музычнай традыцыі Ўолтара Зева Фельдмана (ЗША), малюнак выкананы вельмі блізка да праўды, аўтар шмат увагі надае рухам цела і пластыцы.
То бок, Горшман у сваім малюнку вельмі дэталёва зафіксаваў каштоўнае тое, пра што мы не маем відэахронікі і што цяжка перадаць у тэкставым апісанні – экспрэсію і стан рук яўрэйскіх танцораў, характар сваеасаблівай яўрэйскай жэстыкуляцыі і міміку. Гэта выдатная знаходка, бо дагэтуль сусветнае мастацтва мае няшмат якасных прыкладаў выяваў яўрэйскага танца. Часцей за ўсё мы бачым малюнкі кшталту мемаў і звычайна – мемаў на танцы хасідаў. Чаму так адбываецца і, увогуле, адкуль узнік такі погляд на яўрэйскую танцавальную традыцыю можна даведацца з эсэ ў двух частках (па спасылках у канцы тэкста).
Наша група зацікавілася мастаком і ягонай гісторыяй. Мы даведаліся, што мастак, вядомы як ілюстратар кніг Бабеля і Шалом-Алейхема і якога называюць ‘яўрэйскай гісторыяй Расіі’ нарадзіўся ў Беларусі. У невялікім горадзе Нова-Барысаве, на пачатку 20-га стагоддзя. Ён з’ехаў вучыцца жывапісу ў Расію каля 1920 года, але ў 1926-1928х меў выправу у Беларусь з нагоды стварэння серыі дыпломных каляровых аўталітаграфій ‘Мястэчка’, прысвечаных быту тагачасных літвацкіх (маюцца на ўвазе былыя тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага) штэтлаў. Верагодна, з гэтага беларускага перыяду і ёсць выпадкова знойдзены нашай удзельніцай малюнак.
Пошукі арыгінала малюнка прывялі нас у Астраханскую дзяржаўную карцінную галерэю імя Дагадзіна (Расія), дзе нам адказалі, што некалькі ‘танцавальных’ малюнкаў Мендэля Горшмана сапраўды знаходзяцца ў фондах іх установы, у тым ліку ‘Танец сталых мужчын’ (1926) https://fest.myza.by/malyunki-mendelya-gorshmana#gorshman1/2/, а таксама, што: “Произведение ранее не публиковалось. Данные об авторе у нас самые обычные, детально этой коллекцией никто не занимался.”
Мы спадзяёмся, што асоба мастака і ягоныя працы (з дапамогай гэтага артыкула таксама) апынуцца ў фокусе ўвагі мясцовых этнографаў і краязнаўцаў.
Бо пакуль што гэтыя малюнкі – адзіны візуальны ўзор яўрэйскіх (ідышскіх) танцаў, які мы здабылі падчас нашай экспедыцыі па былых яўрэйскіх мястэчках летам 2021 года. І не толькі мы. Нажаль, этнаграфічныя запісы прафесійных даследчыкаў з акадэміі, што працавалі цягам 20-га стагоддзя (і на пачатку 21-га), амаль не маюць зафіксаваных візуальных прыкладаў яўрэйскага танца. І мы ведаем з даследчыцкіх крыніц, што яўрэйскі танец быў страчаны цягам 20 стагоддзя. Таму гэтыя выявы, зробленыя з натуры, з’яўляюцца сапраўды каштоўным мастацка-этнаграфічным узорам для тых, хто спрабуе шукаць і адраджаць яўрэйскую танцавальную традыцыю.
Праект Shtetlfest атрымаў афіцыйныя правы на публікацыю лічбавых копій двух літаграфій Мендэля Горшмана, арыгіналы ж знаходзяцца ў Астрахані.
Яшчэ некалькі лічбавых копій малюнкаў Горшмана нам перадаў безаплатна і дазволіў апублікаваць у медыя даведніку Нацыянальны Мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
Дзякуючы нашаму музею мы маем партрэт маці Мендэля Горшмана, хаця пакуль нічога не ведаем пра гэтую жанчыну. /3/ Хіба тое, што яна дакладна жыла ў Нова-Барысаве ў канцы 19-га стагоддзя і нарадзіла мастака Мендэля Горшмана.
Цікавыя для нас і выявы горада Барысава 1930х гадоў. /4, 5/ Беларускае мастацтва 1920-1930 гадоў не надта шырока прадстаўленые. Але працы, створаныя ў гэты перыяд, вартыя ўвагі і як этнаграфічны матэрыял таксама, бо шмат мастакоў у той час былі ўдзельнікамі краязнаўчага руху і бралі ўдзел у рознага кшталту экспедыцыях, падчас якіх рабілі замалёўкі. Мы маем няшмат біяграфічных звестак пра Мендэля Горшмана. Але даты на малюнках, зробленых з натуры, сведчаць пра тое, што мастак наведваў родныя мясціны і, магчыма, у нас яшчэ ёсць шанец знайсці сваякоў, суседзяў ці кагосці, хто ведаў ягоную сям’ю ў Барысаве і зможа штосці распавесці пра тое, дзе былі зробленыя ‘танцавальныя’ малюнкі Горшмана і хто на іх зафіксаваны.
Звярніце ўвагу і на партрэт жонкі Горшмана, ідышскай пісьменніцы. /6/
Шыра таксама літвачка (літоўская яўрэйка), як і Мендэль. Яна нарадзілася ў Коўна, з Мендэлям яны сустрэліся напачатку 1930-х у Бірабіджане. І менавіта ёй належыць цікавы кавалак апавядання, дзе вельмі тонка і трапна апісваецца сутнасць яўрэйскага танца. Шыра расказвае амаль аўтабіяграфічную гісторыю пра Ханке, якая вярнулася ў сям’ю бацькоў падчас савецкай акупацыі напярэдадні другой сусветнай вайны, непрынятая сваякамі і асабліва ейнай маці праз адыход “блуднай дачкі” ад традыцый. Сям’я перажывае цяжкія эмоцыі, якія немагчыма выказаць словамі. Абстаноўка напружаная. І замест словаў, дзядзька Ханке пачынае таньчыць пад уласны спеў і заклікае сваю сястру, маці Ханке і астатніх да сябе ў цэнтр пакойчыку да танца. І гэты танец з’яўляецца адначасова і дараваннем, і бласлаўленнем і невыказанай радасцю. Апавяданне называецца “Невыказаныя сэрцы” (“Unspoken Hearts.” In Found Treasures: Stories by Yiddish Women Writers, edited by Frieda Forman et al. Toronto: 1994.)
Праект Shtetlfest вельмі ўдзячны Алене Ляшкевіч, Паўлу Ганчару, Валерыю Ермаковічу і Аляксею Іванову за дапамогу ў працы з этнаграфічным матэрыялам. Зеву Фельдману за экспертызу па ‘танцвальных’ малюнках Горшмана. А таксама Астраханскай дзяржаўнай карціннай галерэі імя Дагадзіна (Расія) і Нацыянальнаму мастацкаму музею (Беларусь) за супрацоўніцтва.
*Некаторыя даты жыцця і творчасці Мендэля Горшмана:
2 лістапада 1902 года – мастак нарадзіўся ў Новабарысаве (Беларусь), 2 студзеня 1972 года памёр у Маскве (Расія).
1920-1921 – атрымаў першыя прафесійныя веды ў Кастраме (Расія), дзе вучыўся жывапісу, малюнку і ксілаграфіі ў Вольных мастацкіх майстэрнях.
1925 – першыя выставы, крыніцы пішуць, што гэта адбылося ў Беларусі.
1926-1928 – вандраваў у Беларусь і зрабіў дыпломны праект з каляровых літаграфій “Мястэчка”.
1931 – падчас вандроўкі у Бірабіджан сустрэў сваю будучую жонку, тады яшчэ не пісьменніцу, а самотную ўдаву з трыма дзецьмі, Шыру Горшман.
1966 і 1977 – усяго две персанальныя выставы. Абодве адбыліся ў Маскве, апошняя – ужо пасля смерці мастака.
2020 – працы мастака ўвайшлі ў Альбом этнаграфічных малюнкаў «І рай і боль на Песеннай Зямлі…Беларусь вачыма мастакоў 1920–1930-х гадоў». (Склад. Наталля Мартынава, выд. Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2020)
**Пра жонку мастака, ідышскую пісьменніцу Шыру Горшман
***Пра папулярызыцыю народных традыцый і пра тое, як яўрэйскі танец зрабіўся мемам:
***Пра навуковыя даследванні ідышскіх танцаў і клезмерскай музыкі кніга і варкшопы