Ната Голава, 2020-2022, экспедыцыя.

Першы раз з мэтай пазнаёміцца з будучай лакацыяй я наведала Навагрудак напачатку снежня 2020. Мне было цікава (бо была ў курсе, што гісторыя места шчыльна звязаная з яўрэйскай), як гэта адбіваецца на горадзе зараз.

Шэры ён быў тады і амаль нічога не распавёў мне пра яўрэйскую спадчыну.

Я пабачыла хіба ля кожнай будыніны ў цэнтры шыльды з інфармацыяй пра належнасць да яўрэйскага насельніцтва, мне так падалося, што гэта кідаецца ў вочы. Я не бачыла будынкаў ні тут, нідзе больш з шыльдамі, што настолькі прыцягваюць увагу кшталту “ гэтая маёмасць належыла беларусу” ці “гэтая маёмасць належыла немцу”. Мяне гэта моцна кранула чамусці. У Ізабеліне, з якім мы спрабуем параўнаць Навагрудак – дакладна няма такіх.

У сувенірнай краме (насамрэч, гэта антыкварная крама, што прыгандлёўвае сувеніркай у выгадным месцы) ля замчышча можна было набыць некалькі кніжак па яўрэйскай тэматыцы тыпу “Кніга Памяць” на англійскай мове ці штосць падобнае і невялічкія статуэткі “жыдоўскіх тыпажоў”, адзінак 5-7 было на той момант. Уласнік крамы сказаў, што кніжак прадаецца добра калі 1-2 на год. Статуэткі таксама не карыстаюцца попытам. У прынцыпе, пакупнікі не часта запытваюцца пра яўрэйскую спадчыну.

Я вярнулася ў гэтае ж месца напрыканцы праекта Штэтлфэст у 2022 годзе, каб спраўдзіць свае ўражанні, бо падчас нашай агульнай экспедыцыі летам 2021 займалася арганізацыйнымі справамі і не мела часу на вольныя шпацыры.

Шыльды пра яўрэйскую маёмасць былі на месцы. З сувеніраў у антыкварнай краме засталася пара адзінак папяровых гідаў Shtetlrouts (праект Тамары Вяршыцкай), якія нам прынеслі паглядзець з кладоўкі. Адна кніжка пра Халакост “Боль і гнеў”. Адна дзіўнаватая карцінка-рэпрадукцыя з жыдом у кіпе, які падлічвае грошы… і амаль усё.    

Гаспадар крамы на пытанне, чаму няма яўрэйскіх сувеніраў альбо хаця б якіх магніцікаў з тэматычнымі выявамі, адказаў: “Гэта склізкая тэма… Нават жанчына, мастачка што вырабляла тыя статуэткі, адмовілся. Сказала – не, усё, хопіць, я больш не буду. Ну, ведаеце… Мы думалі. А як гэтых яўрэяў на магніцік? У нас былі тыпу з працягнутай рукой… Ну, Халакост яшчэ, канешне, тэма… А вы знайдзіце тут хаця б аднаго сталага яўрэя!”.

Раптам гаспадар крамы ўзгадаў, што ў іх ёсць Тора, што прынёс чалавек, якога ён не будзе называць. Бо калекцыянеры потым дастаюць гэтых людзей і патрабуюць прадаць аб’ект, які зацікавіў. А гэтая Тора ў іх не прадаецца, проста стаіць у краме. “Тора з навагрудскай сінагогі, між тым! Як яе прадаваць! Гэта ж памяць!” – Заўважыў гандляр антыкварам. А на пытанне што ў іх лепш за ўсё прадаецца, сказаў, што “Міцкевіч і замак”.

Гледзячы па ўсяму антыкварны тавар (мясцовы і не вельмі, і нават не вельмі антыкварны…) распрадаецца таксама добра.

На палічцы я заўважыла фарфоравыя статуэткі беларуса, рускага і ўкраінскі гапак – калісці вельмі папулярныя. Таксама мне кінуўся ў вочы, быццам выстаўлены знарок (але можа быць, падалося, таму што я ў тэму гэтую зараз заангажаваная) прыметны валошкавага колеру акардзіон з гучнай украінскай назвай МРІЯ.

У краме насупраць, у дзяржаўнай сувенірцы усё было зусім сумна. Нават з Міцкевічам. Прадавачка запаліла святло, каб мне было зручней фоткаць.  І паскардзілася, што яны хутка будуць назаўжды зачыненыя, бо: “Вы бачыце гэтае ўсё? А раней у нас шмат было па гісторыі горада. А зараз наведвальнікаў амаль няма, сувеніраў няма… Я сёння нагандлявала хіба якія 40 рублёў…” (менш за 20 еўра). Мы з радасцю дадалі да ейнага гандлю яшчэ чатыры рублі, набыўшы шкляны графін савецкай вытворчасці, невядома якім чынам ён быў там апынуўшыся. Пры гэтым, акурат падчас нашага візіту побач замчышча спыніліся два вялікія аўтобусы з турыстамі.

Каб я была проста турыстка ці выпадкова ў Навагрудку, я б і не ведала, што ў горада існуе багатае яўрэйскае мінулае і цікавая гісторыя супраціву падчас Другой Сусветнай вайны. Бо я б не змагла зразумець гэта праз тое, што бачу ў горадзе. Нават бібліятэка, што запрашае на “экскурсію па горадзе пачатку 20-га стагоддзя” не дае адчування, што гэта будзе нешта пра было яўрэйскае месца. У мяне ё жаданне наведаць Навагрудак яшчэ праз год-два і паглядзець ці што зменіцца, бо я ведаю тут люзей, зацікаўленых гэтай тэмай.