Адсканаваныя ўрыўкі з кнігі Джофа Шыфрына
Адсканаваныя ўрыўкі з кнігі Джофа Шыфрына, праўнука зембінскіх яўрэяў, якія эмігравалі ў Афрыку. Кніга напісаная пводле ўспамінаў сваякоў Джофа.
Два прадстаўленыя ў нашым медыя даведніку артыкулы распавядаюць пра зембінскага бадхена (яўрэйскага маршалка) – прадзеда паэта Ізі Харыка, а таксама пра самога Ізі Харыка. Таксама цікавыя здымкі 1930х гадоў рынкавай плошчы ў вёсцы паблізу Зембіна.
Кніга была падораная аўтарам барысаўскаму краязнаўцу Аляксандру Розенблюму, а той перадаў кнігу ў зембінскую бібліятэку. Кніга не выдаецца чытачам на рукі, бо маецца толькі адзін асобнік, але любы наведвальнік можа запісацца ў бібліятэку і на месцы, у чытальнай залі карыстацца кнігай.
Тэкст на англійскай.
Пераклад урыўкаў для нашага праекта зрабіў Вольф Рубінчык (ніжэй)
(Адсканавалі – Валеры Ермаковіч, Наталля Голава)
Чэрвень, 2022
Лакацыя –Зембін.
Джэф Сіфрын
Гершну
Сказанні пра людзей Зембіна
***
Бывае ў яўрэяў геаграфічная хандра, што вырастае з праблемы: «Дзе мне павесіць свой капялюш?» На гэтую хандру ёсць і адказ: яўрэі нідзе не здымаюць ды не вешаюць капялюш, таму іх не абыходзіць, дзе яны.
Салі Эн Друкер
Калі вы занураецеся ў мастацтва, то думайце заўжды пра тых нешматлікіх, абраных людзей, чые меркаванні вы паважаеце, для якіх вы насамрэч працуеце. Няхай яны сядзяць у вас на плячы, пакуль вы робіце сваю справу
Біл Эйнслі
***
Тымі асаблівымі людзьмі, што «сядзелі на маім плячы», пакуль я працаваў, былі Салі Эн Друкер, Лары Руднер і Лінда Бален. Я шчыра дзякую ім за іхні гумар і пранікненне ў яўрэйскасць, за любоў да творчага працэсу, за іхняе захапленне гэтым праектам і – перадусім – за іх сяброўства.
Дзякуй таксама Амандзе Бош, Салі Франкенталь і Марсіі Левісан, якія прапаноўвалі дапамогу на розных стадыях рэалізацыі праекта. І яшчэ я ўдзячны ўсім чальцам майго вялікага роду, якія дзяліліся са мной расповедамі ды разумелі важнасць таго, каб я іх запісаў.
Уводзіны
Апавяданні з гэтай кнігі ахопліваюць два стагоддзі яўрэйскага жыцця ў Еўропе, Паўднёвай Афрыцы і Амерыцы; я збіраў іх збольшага ў чальцоў майго вялікага роду Сіфрынаў, чые продкі жылі ў маленькім беларускім мястэчку Зембіне. Апавядальнікі былі самыя розныя: як ідышамоўныя старыя, што з захапленнем гаварылі пра расійскага цара (бо менавіта пры яго ўладзе яны пакінулі Расію), так і савецкія яўрэі, якія жылі пад камуністычнай уладай у Зембіне і Маскве. Я размаўляў таксама з людзьмі, народжанымі ў «Новым Свеце», – напрыклад, у Нью-Ёрку або паўднёваафрыканскім горадзе Беноні, вядомым дзеля здабычы золата.
Само збіранне матэрыялу выявілася вельмі інтрыгоўнай справай – мне выпала піць каву з родзічамі, раскіданымі па ўсім свеце, слухаць іх аповеды, праглядаць старыя здымкі. Большасць гэтых родзічаў я ніколі не сустракаў раней. Некаторых даводзілася ўпрошваць, а іншым не цярпелася распавесці свае гісторыі. Ну і, вядома ж, сапраўдны апавядальнік/апавядальніца ніколі не абмяжоўваецца тым, што адбылася «на самай справе» – ён/яна дадае тое, што «магло б адбыцца», а таксама тое, што «павінна было б адбыцца». На гэтым палягае багацце распаведзеных гісторый.
Чуць гісторыі пра штэтл было захапляльнай справай для сына «Новага Свету». Як і большасць людзей майго пакалення, я ведаў скрайне мала пра тыя час і месца. На шчасце, я знайшоў некалькіх родзічаў, якія выраслі ў Зембіне і захавалі пра яго ясныя ўспаміны. Відавочна, з вялізнай часавай адлегласці яны маглі пераказаць толькі невялікую частку таго жыцця, што віравала тамака – тым не менш, распаведзенае мела не абы-якую каштоўнасць.
Пэўныя часткі гэтага збору ўспамінаў узятыя з майго ўласнага паўднёваафрыканскага дзяцінства і пазнейшых гадоў. Аднойчы ў будучыні, калі мой пра-пра-праўнук запытаецца наконт жыцця сваіх продкаў у Паўднёвай Афрыцы, магчыма, названыя часткі адыграюць для яго тую ж ролю, якую для мяне адыгралі расповеды старэйшых родзічаў пра Зембін, Нью-Ёрк і Беноні.
Мае гутаркі з чальцамі роду выклікалі моцную і неадназначную рэакцыю. Для Рэйзл Андэр, якая ўцякла з Зембіна за колькі дзён да прыходу нацыстаў, сталася палёгкай даведацца, што яе расповед і гісторыі загіблых зембінцаў будуць захаваныя. А Скоці Сіфрын у час гутаркі зноў перажыў фрустрацыю праз тое, што не здолеў уратаваць свайго бацьку з нацысцкай Германіі ў 1936 г., бо паўднёваафрыканскія ўлады не далі бацьку ўязную візу. Для Флорэнс Страўс гутарка была нагодай паказаць бліскучую «Залатую кнігу», якую яе бацька Давід Шыф даўно стварыў у Нью-Ёрку, каб рэгістраваць важныя падзеі. Сеймур Кавалер свяціўся ад задавальнення, што вялікі род Шыфрынаў (Сіфрынаў) захаваў сябе на працягу такога доўгага часу. Для Рут Шыфрын сустрэча з’яўлялася шансам пераканаць мяне, яе маладзейшага родзіча, у тым, што варта быць яўрэем у гэтым свеце, а яшчэ яна пераказвала жарты на ідышы пра Напалеона і расійскага цара.
Было таксама багата забаўных момантаў. Напрыклад, я атрымаў дасціпны каментарый ад Хоўі Астроўскага, маладога сваяка з Паўднёвай Афрыкі, які змагаецца са складанасцю гэтага свету. Ён сказаў: «Паслухай, Джэф, ты паведаміў мне цікавыя рэчы пра тое, адкуль я паходжу, што нямала значыць для мяне. Ты б дапамог мне яшчэ болей, калі б напісаў кнігу пра тое, куды мне зараз ісці…»
Дзеля чаго ж ведаць, адкуль мы паходзім? Хаця б дзеля таго, што веданне аб пройдзенай дарозе часам асвятляе дарогу, якая наперадзе.
Рэб Лейзер-бадхен
Калі рабі Аўромке Зембінер гутарыў з зембінскімі яўрэямі ў 1876 годзе, спрабуючы вырашыць, прымаць у мястэчку пасаду рабіна або не, адным з тых суразмоўцаў быў чалавек, якога любілі ўсе, – рэб Лейзер Шэйнман, бадхен, музыка-клезмер, пацешнік для ўсяго мястэчка. Яму ў той час было 37 гадоў. У наступныя два дзесяцігоддзі, калі рабі Аўромке найбольш уплываў на жыццё мястэчка, рэб Лейзер таксама актыўнічаў: удзельнічаў ва ўсіх вяселлях, бар-міцвах ды іншых шчаслівых падзеях, што былі неад’емнай і прыкметнай часткай зембінскай рэчаіснасці.
Як вы ведаеце, жыццё клезмера не было лёгкім. Беднасць і побытавыя цяжкасці пастаянна суправаджалі яго, але праз сваю здольнасць весяліць людзей і заахвочваць іх да танцаў ён выціскаў радасць з цяжкага жыцця.
Рэб Лейзер Шэйнман быў дзедам ідышнага паэта Ізі Харыка (пра якога гаворка пойдзе далей). Наступны нарыс пра дзеда, напісаны Ізі Харыкам, быў апублікаваны ў 1926 годзе ў часопісе «Цайтшрыфт», што выдаваўся яўрэйскім аддзелам Інстытута беларускай культуры ў Менску:
Ён нарадзіўся ў Зембіне прыблізна ў 1839 г. Яго бацька быў шаўцом, і сам Лейзер да шлюбу быў шаўцом, а потым стаў шамесам у сінагозе. З першай жонкай ён развёўся, узяў другую. Стаў музыкам-цымбалістам, а пакрысе авалодаў і майстэрствам бадхена. Яго ведалі і любілі не толькі ў Зембіне, а ва ўсёй акрузе, у шматлікіх мястэчках. Калі людзі даведваліся, што бадхен Лейзер будзе выступаць на якім-небудзь вяселлі, то імкнуліся патрапіць туды і паслухаць яго.
Ён ездзіў па мястэчках са сваёй капелай. Часцей за ўсё бываў на бедных вяселлях, бо лічыў богаўгоднай справай выдаць замуж бедную нявесту. Лейзер быў чалавек каржакаваты і плячысты, з заўсёды ўсмешлівым тварам.
Вельмі любіў дзяцей. У свята Сімхас-Тойрэ ён браў заплечнік, склікаў бядняцкіх дзяцей, вёў іх у мікву, каб яны хоць трохі адмыліся, потым выстройваў у рад – і яны разам хадзілі па заможных дамах. Гэтая хеўра ўрывалася ў хату, Лейзер змятаў у мех усё, што бачыў на стале, а потым раздаваў пачастункі бедакам.
На вяселлях ён, як і ўсе іншыя бадхены, выступаў з рыфмаванымі віншаваннямі, якія часам мелі сатырычны характар. Разам з музыкамі са сваёй капелы (дый з іншымі) Лейзер даваў спектаклі, якія сам і прыдумляў. Сярод іх былі пантаміма «Голем», сцэнка «Поп». У апошняй Лейзер загортваўся ў абрус, як у расу, вешаў на грудзі замест крыжа цымбальны малаточак і ўсаджваўся, а музыкант Ішая Мураванчык пераапранаўся сялянкай. Сцэнка заключалася ў наступным: сялянка прыходзіць да папа на «споведзь» і каецца за свой грэх: яна, маўляў, атруціла мужа і стала жыць з каханкам. Поп адказвае: «Так, тое грэх, але Бог табе даруе – бо цяжка ж было ўстояць перад спакусай». Сялянка дадае, што скрала ў суседкі нейкую ежу. Поп гаворыць: «Бог даруе – напэўна, табе вельмі хацелася есці!» Яна пералічвае іншыя грахі, а поп кожны раз знаходзіць для іх апраўданкі. Нарэшце яна прыпамінае такі ўчынак: выпіла ў пятніцу малака (у пятніцы хрысціянам няможна спажываць малочнае і мясное). Вось тут поп абураны да глыбіні душы – такі грэх ён ужо не можа адпусціць.
Лейзер паказваў яшчэ сцэнку «Яўрэй з краіны Ізраіля». Яна завяршалася незвычайным трукам: бадхен станавіўся на хадулі і выглядаў высокім, прывязваў да жывата падушку і рабіўся таўсцейшым, апранаў доўгі балахон, які закрываў хадулі – і ў такім выглядзе прымудраўся танчыць. (Як мне казалі, у гэтай сцэнцы была песенька «Акавіта – усяму галава», дзе спявалася: «Маем баль, час радасці / На сталах – смачныя стравы / І людзі нічога не кажуць, / Ніводнага вясёлага голасу не чуваць. / Але як прыходзіш ты, акавіта, / Усё робіцца значна лепшым / Мы пачынаем спяваць і танчыць / І больш не сядзім, як статуі. / Як быццам завіруха ўсчынаецца / Калі ўсе госці / Кружацца, як віхор, / І мы нібыта шалеем, і тады жывем напоўніцу. – Дж. С.)
Абшчына выбрала бадхена «мяшчанскім старастам», на гэтай пасадзе ён пратрымаўся да самай смерці ў 64 гады (1903 г.). Быўшы бадхенам, ён ніколі не адмаўляўся кульнуць чарку, а ў апошнія гады жыцця праславіўся як горкі п’яніца. Аднак народ у мястэчку яго любіў і не пазбаўляў пасады старасты.
Пасля смерці Лейзера некаторыя бадхены выступалі з яго вершыкамі і спрабавалі паказваць «Голема», але публіка штораз з жалем казала: «Ат, куды ім да нашага Лейзера…»
Паэт, сын шаўца
У 1920-х гадах камуністычная партыя заахвочвала росквіт «нацыянальных культур» і фундавала школы, тэатры, газеты, часопісы на мовах, адрозных ад рускай, у тым ліку і на ідышы. Сталін ухваліў гэтую палітыку, зрабіўшы славутую заяву аб пралетарскай культуры як «сацыялістычнай па змесце, нацыянальнай па форме». Ідышамоўныя актывісты, якія з той пары мелі падтрымку партыі ў рэалізацыі сваёй мары аб свецкай будучыні, пабудаванай вакол мовы ідыш, не прамінулі скарыстаць з рэсурсаў, што дзяржава перадала ў іх распараджэнне. У выніку заквітнелі новыя ідышныя тэатр, іншыя віды мастацтва і літаратура. У 1927 годзе, напрыклад, колькасць газет на ідышы ў Савецкім Саюзе дасягнула 40, падвоіўшыся ў параўнанні з 1923 г.
Сфармавалася новая група ідышных культурных дзеячаў, сярод якіх былі пісьменнікі Довід Бергельсон, Перац Маркіш і Дэр Ністэр, акцёр Саламон Міхоэлс. Яны разглядалі сябе як частку вялікага адраджэння ідыш-культуры ў Савецкім Саюзе, дзе іх таленты раскрыюцца ва ўсёй красе.
Сярод гэтых інтэлектуалаў быў паэт Ізі Харык, які рабіў свае першыя сціплыя крокі ў Зембіне. Ён быў сынам шаўца Довіда Соркуса і ўнукам бадхена Лейзера Шэйнмана (вы ўжо чыталі расказ пра яго). Ён нарадзіўся ў 1898 г. у доме на зембінскай кірмашовай плошчы, і спачатку зваўся Ічке Соркус. Двума яго бліжэйшымі сябрамі ў юнацтве былі Ар’е Шыфрын, пра якога яшчэ будзе гаворка, і Алтэр Гілевіч, сын рабіна. Усе яны наведвалі хедэр меламеда Хаймеле на Барысаўскай вуліцы.
У маладосці Ізі Харык зрабіўся апантаным прыхільнікам Рэвалюцыі, у 1919 г. ён далучыўся да Чырвонай арміі (у 21 год) і браў удзел у Грамадзянскай вайне (паводле іншых звестак, у расійска-польскай. – заўв. перакл.). Ён быў адным з рухавікоў культурнай дзейнасці на мове ідыш у камуністычнай партыі, асабліва ў Беларусі.
Дарма што Харык прадстаўляў «пралетарскую» савецкую паэзію на ідышы, ён захаваў адметнае захапленне жыццём традыцыйнага мястэчка, у якім ён вырас і якое на яго вачах знікала. У многіх ягоных вершах выказваюцца складаныя пачуцці што да местачковага жыцця, якое ён зведаў у Зембіне.
Харык імпэтна агітаваў зембінскую моладзь далучацца да камсамолу, да пабудовы свецкай і сацыялістычнай ідыш-культуры. Але многія людзі адпрэчвалі гэтыя ідэі: некаторыя таму, што ўпарта трымаліся яўрэйскай традыцыі і не жадалі перарабляць яе ў свецкую сацыялістычную культуру. Іншыя ж імкнуліся цалкам адкінуць уласную ідыш-культуру, трактуючы яе як сімвал цяжкасцей, галечы, прыніжанага стану яўрэяў у Расіі. Замест яе гэтыя людзі хацелі далучыцца да «вышэйшых» рускай культуры і мовы, якія, выглядала, абяцалі ім лепшае жыццё.
Алтэр Гілевіч, сын рабіна і нашчадак знакамітага хасідскага роду, ніколі не ішоў за Харыкам, але заўсёды меў да яго вялікую павагу. Калі я гутарыў з Гілевічам у 1983 г., ён казаў мне: «Ізі Харык быў маім добрым сябрам, чалавекам дужа абаяльным, з харызмай. Ён быў на некалькі гадоў старэйшы за мяне і лічыў, што можа быць маім кіраўніком, настаўнікам. Шмат сілаў паклаў ён на тое, каб я ўступіў у камсамол, але я адмовіўся. Свае справы ён рабіў самааддана».
Свае першыя два вершы Харык апублікаваў пад псеўданімам А. З. Зембін – толькі потым ён стаў падпісвацца «Ізі Харык». Адзін з гэтых вершаў пад назвай «Яны і мы», надрукаваны ў красавіку 1920 г. у часопісе «Камуністычны свет» («Кaмуністышэ вэлт»), органе яўрэйскай секцыі Цэнтральнага бюро, ясна дэманструе: Харык быў упэўнены, што знаходзіўся ў авангардзе вялікага новага руху, які дазвання зменіць «цёмны» свет штэтла, дзе аўтар нарадзіўся і вырас.
Яны і мы…
Яны – апошнія
Са сваімі сумневамі і думкамі,
Яны – апошнія
Са сваімі цьмянымі вечарамі,
Яны гэта ведаюць самі
І з горыччу грэбуюць сабою
Яны – апошнія…
Яны – апошнія,
Зніклыя мроі.
Яны шукаюць паратунку
На ружовых прасторах.
Яны – апошнія,
Страчанае насенне,
Яны – апошнія…
Мы – першыя,
Першыя, якія крочаць
Натхнёныя, гордыя,
У жалезных радах.
Да сонца, да ўсходу,
Без страху, без лямантаў.
Мы – першыя.
Мы – першыя;
Сонечныя промні,
Якія змагаюцца і б’юцца,
Якія перамагаюць і падаюць,
І ведаюць: шчасце ўжо
Не будзе страчана.
Мы – першыя!
1920
Жонка Харыка, Дзіна Харык, была на 20 год маладзейшая за яго (насамрэч іх розніца ва ўзросце не перавышала 17 гадоў. – заўв. перакл.). Яны ўпершыню сустрэліся, калі яна прыйшла на вечарыну паэзіі ў Менску, потым працягвалі жыць у Менску і мелі двух сыноў.
У 1935 г. Харыку наладзілі святкаванне ў Маскве. Выйшла кніга яго вершаў, падрыхтаваная інстытутам літаратуры і мовы Акадэміі навук СССР. Юбілей – 15-годдзе яго літаратурнай дзейнасці – наведалі светачы расійскай яўрэйскай інтэлігенцыі, якія ў той час, здавалася, крочылі ад поспеху да поспеху…
Але ў наступныя два гады падмурак ідышнага адраджэння зазнаў злавесныя ўзрушэнні. У 1937 годзе Харык, разам з некаторымі іншымі яўрэйскімі пісьменнікамі, быў арыштаваны паводле распараджэння Іосіфа Сталіна. Праз некалькі месяцаў ён памёр у турме. Двое яго дзетак, Юлік і Довід, былі кудысьці забраны ў ноч пасля яго арышту, і ніхто не чуў пра іх болей.
У наступныя 15 гадоў савецкія яўрэйскія інтэлектуалы перажылі багата мітрэнгаў – тым часам іхняе ідышнае адраджэнне загіналася, бо Сталін змяніў сваю пазіцыю. Усё скончылася ў ноч 12 жніўня 1952 года, у маскоўскай турме на Лубянцы, дзе савецкі рэжым пакараў смерцю 24 буйных яўрэйскіх паэтаў, празаікаў і культурных дзеячаў. Забойствы былі часткай плану Сталіна – вызваліць яго ўтапічную дзяржаву ад яўрэяў, якія неяк вылучаліся грамадскім статусам і поглядамі, валодалі уласным голасам.
Вершы, якія прыводзяцца ніжэй, адсылаюць нас да ранніх дзён, калі савецкая ідыш-культура яшчэ квітнела, і дэманструюць змяшаныя пачуцці Харыка што да мястэчка. У іх – і настальгія, і адштурхоўванне ад мястэчка ды яго людзей. На англійскую гэтыя вершы пераклаў Леанард Вулф (пераклады былі змешчаны ў кнізе «Сучасны ідышны верш» – «Modern Yiddish Verse» – выдавецтва «Penguin Books»).
Жнівень
Жнівень. Я ў мястэчка прыехаў.
Жнівень – прахалодны, і празрысты, і блакітны.
К вечару ўсё засцілае ўсмешлівая туга,
І на досвітку мястэчка ўстае ў расе.
Свежым холадам павявае праз летні туман,
Але ад дальніх вышыняў з цяплом і святлом
Пахне паветра светлым вінным яблыкам
І на сэрца таксама добра кладуцца вінны водар і гушчыня.
Нядаўна я лаяў і кляў цябе,
А цяпер ты ляжыш, мястэчка заціхлае…
Іду я па табе ў смузе квецені і фруктаў,
І ляжыць тут жнівень, празрысты й прахалодны.
1925
Сыходзьце, змрочныя дзяды
Сыходзьце, сыходзьце, вы, змрочныя дзяды,
З бародамі спалоханымі, засыпанымі снегам,
Апошніх бедаў, апошніх плачаў
Няхай вы застанецеся апошнімі сведкамі.
Сыходзьце, сыходзьце, змрочныя дзяды.
Хай будуць гора і плач ва ўсім вашым мястэчку,
Затаптаным у няшчасці і галечу.
Дзеля кожнага галоднага куска хлеба
Вы здаўна лісліва ўсміхаліся ды жабравалі.
І цяпер вы глядзіце напалохана й стомлена,
І дрыжаць, калоцяцца вашыя калені:
– Хто ведае, хто ведае, ці будуць,
Ці застануцца вось гэтыя сыны яўрэямі? –
І дрыжаць, калоцяцца вашыя калені.
А мы, вось тыя, хто яшчэ кліча вас дзядамі, –
І ведае, што нам ужо нядоўга засталося так вас зваць, –
Мы рухаемся ўгору, як першы гук,
Як першы гук надыходзячай радасці.
Мы, тыя, хто яшчэ кліча вас дзядамі.
Добра зазіраць у змрочныя вочы,
Калі чужы нам смутак вашых бародаў…
Нам – вось менавіта нам – выпаў гэты лёс,
Наш лёс – ужо ніколі не гнуцца, не схіляцца…
Сыходзьце, сыходзьце, змрочныя дзяды!
***
Схіляю тут сваю маладую галаву і маўчу,
І не можа маё сэрца знайсці супакою жаднага,
Места-мястэчка, мая адсохлая галіна,
Зноў табе карціць зазелянець.
Я іду па табе, ціхі госць, і маўчу.
І робіцца мне прыкра,
І я так зайздрошчу Ясеніну[1]:
Мне таксама хацелася б цябе апець,
Прыйсці і назваць цябе «мая маці».
Эх, мястэчка, як жа мне шкада…
Часцяком здаецца мне, што я бачу ўжо твой скон.
І нярэдка мне здаецца, што ты не хочаш стаяць пахіленым,
Што твае хацінкі, бы авечкі, якія толькі прачнуліся
Расплюшчваюць круглявыя вочы
Пасля ціхага летняга сна.
Штэтл-штэтэле, месца майго дзяцінства,
Хацеў я бачыць, як ты дагараеш,
Але той, хто цябе некалі кляў,
Цяпер ужо мае патрэбу ў табе.
Штэтл-штэтэле, месца майго дзяцінства…
1926
[1] Харык шкадуе, што не можа казаць пра мястэчка з гэткай жа натуральнай сыноўскай адданасцю, якая траплялася ў вершах рускага паэта Ясеніна (менаваў сябе «апошнім паэтам вёскі»).
(Пераклад – Вольф Рубінчык)